?

Log in

No account? Create an account
Закон аб мовах 1990 г. - Luo Biming

> Recent Entries
> Archive
> Friends
> Profile
> My Website

May 13th, 2006


Previous Entry Share Next Entry
07:58 am - Закон аб мовах 1990 г.

  • Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб мовах у Беларускай ССР

  • Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР

  • Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб дапаўненні артыкула 68 Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай ССР

  • Рабочая група па падрыхтоўцы праекта Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР

  • Спасылкі


Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мн., “Беларуская энцыклапедыя”, 1994. С. 647-652 (Закон аб мовах), 652-653 (Пастанова), 653 (Закон аб дапаўненні Канстытуцыі), 654 (Рабочая група).



Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб мовах у Беларускай ССР

Прыняты на чатырнаццатай сесіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР адзінаццатага склікання 26 студзеня 1990 года.

Мова – не толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова – жыве народ. Кожная мова, яе літаратурная, жывая мясцовая і гістарычная разнавіднасць – неацэнны скарб, які належыць не аднаму народу, а ўсяму чалавецтву.

Гонар і абавязак усіх – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту, паважліва ставіцца да моў іншых народаў.

У Беларусі здаўна жывуць людзі розных нацыянальнасцей, гучаць розныя мовы. Аднак у апошнія гады сфера ўжывання мовы карэннага насельніцтва Беларусі, якое дало ёй імя і гістарычна складае асноўную частку жыхароў рэспублікі, значна звузілася, пад пагрозай апынулася само яе існаванне. Паўстала неабходнасць аховы беларускай мовы на дзяржаўна-этнічнай тэрыторыі. Такую сістэму аховы дазваляе стварыць толькі наданне беларускай мове статуса дзяржаўнай мовы Беларускай ССР.

Статус беларускай мовы як дзяржаўнай не закранае канстытуцыйных правоў грамадзян іншых нацыянальнасцей карыстацца рускай ці іншымі мовамі. Усе грамадзяне Беларускай ССР, незалежна ад нацыянальнасці і роднай мовы, карыстаюцца роўнымі правамі і маюць роўныя абавязкі перад дзяржавай.



I. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ


Артыкул 1. Мэты заканадаўства аб мовах у Беларускай ССР

Заканадаўства Беларускай ССР аб мовах мае на мэце ўрэгуляваць адносіны ў галіне развіцця і ўжыванні беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі ў дзяржаўным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці, ахову канстытуцыйных правоў грамадзян у гэтай сферы, выхаванне паважлівых адносін да нацыянальнай годнасці чалавека, яго культуры і мовы, далейшае ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва народаў.


Артыкул 2. Дзяржаўная мова, іншыя мовы ў Беларускай ССР

У адпаведнасці з Канстытуцыяй (Асноўным Законам) Беларускай ССР дзяржаўнай мовай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з'яўляецца беларуская мова.

Беларуская ССР забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыяніраванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Беларуская ССР забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін народаў Саюза ССР.

Беларуская ССР праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі.

Рэспубліканскія і мясцовыя дзяржаўныя, партыйныя органы, прадпрыемствы, установы і грамадскія арганізацыі ствараюць грамадзянам Беларускай ССР неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі.

Закон не рэгламентуе ўжыванне моў у неафіцыйных зносінах, у зносінах членаў працоўных калектываў паміж сабой, ва Узброеных Сілах СССР, пагранічных, унутраных і чыгуначных войсках, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларускай ССР.


Артыкул 3. Права грамадзян карыстацца іх нацыянальнай мовай

Грамадзянам Беларускай ССР гарантуецца права карыстацца іх нацыянальнай мовай. Ім гарантуецца таксама права звяртацца ў дзяржаўныя, партыйныя органы, прадпрыемствы, установы і грамадскія арганізацыі на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове.

Рашэнне па сутнасці звароту афармляецца на беларускай мове. Адказ грамадзяніну даецца на беларускай мове або, па яго жаданню, у перакладзе на рускую мову.

Адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на дзяржаўнай мове, мове міжнацыянальных зносін або рабочай мове дадзенай установы са спасылкай на няведанне мовы звароту цягне за сабою адказнасць згодна з дзеючым заканадаўствам.


Артыкул 4. Абавязак службовых асоб, іншых работнікаў дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый валодаць беларускай і рускай мовамі

Кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных устаноў, партыйных, савецкіх, прафсаюзных органаў, грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў павінны валодаць беларускай і рускай мовай у аб'ёме, неабходным для выканання службовых абавязкаў.

Органы дзяржаўнай улады і дзяржаўнага кіравання, а таксама ўстановы, прадпрыемствы і арганізацыі павінны прымаць і разглядаць дакументы, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай або рускай мове.


Артыкул 5. Абарона моў

Усякія прывілеі ці абмежаванне правоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя.

Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўнай і іншай мовы, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць.


Артыкул 6. Арганізацыя выканання Закона аб мовах у Беларускай ССР

Арганізацыя выканання Закона аб мовах у Беларускай ССР ускладаецца на Савет Міністраў Беларускай ССР і выканаўчыя камітэты мясцовых Саветаў народных дэпутатаў.


II. МОВА ДЗЯРЖАЎНЫХ, ПАРТЫЙНЫХ ОРГАНАЎ, ПРАДПРЫЕМСТВАЎ, УСТАНОЎ І ГРАМАДСКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ


Артыкул 7. Мова актаў органаў дзяржаўнай улады і кіравання

Акты вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Беларускай ССР прымаюцца на беларускай мове і публікуюцца на беларускай і рускай мовах.

Акты міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Беларускай ССР прымаюцца і публікуюцца на беларускай мове, а пры неабходнасці – і на нацыянальнай мове большасці насельніцтва той ці іншай мясцовасці.

Тэксты на пячатках, штампах, штэмпелях, фармулярах, афіцыйных бланках дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый у Беларускай ССР выконваюцца на беларускай мове, а пры неабходнасці – на беларускай і рускай або іншых мовах.


Артыкул 8. Мова справаводства і дакументацыі

У Беларускай ССР мовай справаводства і дакументацыі, а таксама мовай узаемаадносін дзяржаўных, партыйных органаў, устаноў і грамадскіх арганізацый з'яўляецца беларуская мова.

Мовай справаводства і дакументацыі напрадпрыемствах (у тым ліку – саюзнага падпарадкавання) з’яўляецца беларуская мова, а пры неабходнасці – руская.


Артыкул 9. Мова ўзаемаадносін рэспубліканскіх і мясцовых органаў з саюзнымі органамі і органамі іншых рэспублік

Мовай узаемаадносін рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый з саюзнымі органамі з’яўляецца руская мова, а з органамі, прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі іншых саюзных рэспублік – руская або іншая прымальная для бакоў мова.


Артыкул 10. Мова тэхнічнай і праектнай дакументацыі

Тэхнічная і праектная дакументацыя ў Беларускай ССР рыхтуецца на беларускай або рускай мове, а з улікам прызначэння – на іншай мове.


Артыкул 11. Мова дакументаў аб статусе грамадзян Беларускай ССР

Афіцыйныя дакументы, якія сведчаць статус грамадзяніна, – пашпарт, працоўная кніжка, дакументы аб адукацыі, пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, а таксама дакументы аб смерці асобы выконваюцца на беларускай і рускай мовах, а асобныя дакументы пры неабходнасці – на беларускай і іншай мове.


Артыкул 12. Мова з'ездаў, канферэнцый і іншых форумаў

У Беларускай ССР рабочай мовай з'ездаў, сесій, канферэнцый, пленумаў, пасяджэнняў, нарад, іншых сходаў з'яўляецца беларуская мова.

Рабочай мовай міжрэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных сходаў і форумаў, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларускай ССР, з'яўляецца мова, вызначаная ўдзельнікамі форуму.

Удзельнікам мясцовых, рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных сходаў і форумаў гарантуецца права выбіраць мову выступленняў з забеспячэннем перакладу на рабочую мову.


Артыкул 13. Мова дакументаў па выбарах народных дэпутатаў

Дакументацыя па выбарах народных дэпутатаў мясцовых, рэспубліканскіх і саюзных органаў дзяржаўнай улады афармляецца на беларускай мове.

Дакументацыя па выбарах народных дэпутатаў СССР падаецца ў Цэнтральную выбарчую камісію па выбарах народных дэпутатаў СССР на рускай мове.

Выбарчыя бюлетэні друкуюцца на беларускай мове або на нацыянальнай мове большасці насельніцтва выбарчай акругі.


Артыкул 14. Мова ў сферы абслугоўвання

На транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская мова або іншая прымальная для бакоў мова.


Артыкул 15. Мова судаводства

У Беларускай ССР судаводства вядзецца на беларускай мове або нацыянальнай мове большасці насельніцтва дадзенай мясцовасці.

Пры разглядзе ў судах крымінальных і грамадзянскіх спраў асобам, якія прымаюць удзел у справе і не валодаюць мовай судаводства, забяспечваецца права азнаямлення з адпаведнымі матэрыяламі, удзел у судовых дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на роднай мове.

Следчыя і судовыя дакументы выдаюцца асобам, якія прымаюць удзел у справе, па іх патрабаванню, у перакладзе на родную мову або іншую мову, якой яны валодаюць.


Артыкул 16. Мова вядзення спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях

Вядзенне спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у Беларускай ССР ажыццяўляецца на беларускай мове або нацыянальнай мове большасці насельніцтва той ці іншай мясцовасці.

Калі асоба, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, не валодае мовай, на якой вядзецца справа, яна можа выступаць на роднай мове і карыстацца дапамогай перакладчыка.


Артыкул 17. Мова натарыяльнага справаводства

Натарыяльнае справаводства ў дзяржаўных натарыяльных канторах і выканаўчых камітэтах гарадскіх, пасялковых і сельскіх Саветаў народных дэпутатаў вядзецца на той мове, на якой вядзецца ў дадзенай мясцовасці судаводства.

Калі асоба, якая звярнулася ў натарыяльную кантору, не ведае мовы, на якой вядзецца справаводства, тэксты дакументаў, што афармляюцца, павінны быць прадстаўлены ў перакладзе на рускую або іншую мову.


Артыкул 18. Мова вядзення арбітражных спраў

Вядзенне арбітражных спраў з удзелам бакоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларускай ССР, ажыццяўляецца на беларускай мове.

Вядзенне арбітражных спраў, у якіх удзельнічаюць бакі, што знаходзяцца на тэрыторыі іншай саюзнай рэспублікі, ажыццяўляецца на рускай мове.

Калі справы накіроўваюцца ў Дзяржаўны арбітраж СССР або ў дзяржаўны арбітраж іншай саюзнай рэспублікі, матэрыялы, аформленыя на беларускай мове, падлягаюць перакладу на рускую мову.


Артыкул 19. Мова пракурорскага нагляду

Акты пракурорскага нагляду ў Беларускай ССР складаюцца на беларускай мове. Адпаведна з ажыццяўленнем пракурорскага нагляду на гэтай мове вядзецца і перапіска з усімі ўстановамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі Беларускай ССР.

У зносінах з Пракуратурай ССР і іншымі саюзнымі органамі, з органамі пракурорскага нагляду і іншымі ўстановамі саюзных рэспублік выкарыстоўваецца руская мова.


Артыкул 20. Мова юрыдычнай дапамогі

Юрыдычная дапамога грамадзянам і арганізацыям аказваецца на беларускай мове або на прымальнай для бакоў мове.


Артыкул 21. Мова міжнародных дагавораў і пагадненняў

Мовамі міжнародных дагавораў Беларускай ССР, а таксама пагадненняў прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый Беларускай ССР з прадпрыемствамі, установамі і грамадскімі арганізацыямі іншых дзяржаў з’яўляюцца беларуская мова і мова другога боку дагавора або пагаднення.


III. МОВА АДУКАЦЫІ, НАВУКІ І КУЛЬТУРЫ


Артыкул 22. Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на нацыянальнай мове

Беларуская ССР гарантуе кожнаму жыхару рэспублікі неад'емнае права на выхаванне і атрыманне адукацыі на беларускай або рускай мове. Гэта права забяспечваецца сістэмай дашкольных устаноў, агульнаадукацыйных школ, прафесіянальна-тэхнічных вучылішчаў, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў.

Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на роднай мове маюць і грамадзяне іншых нацыянальнасцей, якія жывуць у рэспубліцы. Дзяржава стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права.

Кіраўнікі і іншыя супрацоўнікі сістэмы народнай адукацыі павінны валодаць мовай навучання, на якой працуе адпаведная ўстанова.


Артыкул 23. Мова выхавання ў дзіцячых дашкольных установах

У дзіцячых дашкольных установах, а таксама ў дзіцячых дамах у Беларускай ССР выхаванне вядзецца на беларускай мове.

У месцах кампактнага пасялення грамадзян іншых нацыянальнасцей ствараюцца дзіцячыя дашкольныя ўстановы, дзе выхаванне дзяцей вядзецца на рускай або іншай нацыянальнай мове.

У дзіцячых дашкольных установах пры неабходнасці могуць стварацца асобныя групы, у якіх выхаванне вядзецца на іншай мове.


Артыкул 24. Мова навучання і выхавання ў агульнаадукацыйных школах

У Беларускай ССР вучэбная і выхаваўчая праца ў агульнаадукацыйных школах вядзецца на беларускай мове.

У месцах кампактнага пасялення грамадзян іншых нацыянальнасцей ствараюцца агульнаадукацыйныя школы або класы, у якіх вучэбная і выхаваўчая праца вядзецца на рускай або іншай нацыянальнай мове.

У агульнаадукацыйных школах пры неабходнасці могуць стварацца класы, у якіх навучанне і выхаванне вядзецца на іншай мове.

Ва ўсіх агульнаадукацыйных школах Беларускай ССР вывучэнне беларускай і рускай моў з'яўляецца абавязковым.

Парадак вывучэння беларускай мовы вучнямі, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі рэспублікі, вызначаецца Міністэрствам народнай адукацыі Беларускай ССР.


Артыкул 25. Мова навучання ў прафесіянальна-тэхнічных вучылішчах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах

Навучанне і выхаванне ў прафесіянальна-тэхнічных вучылішчах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах Беларускай ССР ажыццяўляецца на беларускай мове, а па некаторых спецыяльнасцях і прафесіях – на беларускай, рускай або іншай мове. Пералік гэтых спецыяльнасцей і прафесій вызначаецца Саветам Міністраў Беларускай ССР.

Ва ўсіх навучальных установах Беларускай ССР з іншай мовай навучання беларуская мова вывучаецца незалежна ад ведамаснай прыналежнасці гэтых устаноў.


Артыкул 26. Уступныя экзамены па мове

Абітурыенты, якія паступаюць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы рэспублікі, здаюць уступны экзамен па беларускай мове, а тыя, хто не атэставаны па беларускай мове, здаюць уступны экзамен на выбар – па беларускай або рускай мове.


Артыкул 27. Мова ў сферы навукі

У Беларускай ССР вынікі навукова-даследчых прац афармляюцца на беларускай мове, а з улікам іх прызначэння – на рускай мове.

Выканаўцы навукова-даследчых прац могуць выбіраць мову публікацый навуковых вынікаў.


Артыкул 28. Мова ў сферы культуры

У Беларускай ССР мовай у сферы культуры з'яўляецца беларуская мова. Гарантуецца таксама захаванне і развіццё культуры на мовах прадстаўнікоў іншых народаў, што жывуць у рэспубліцы.

З мэтай шырокага азнаямлення грамадзян рэспублікі з дасягненнямі культуры народаў СССР і сусветнай культуры Беларуская ССР забяспечвае пераклад і выданне на беларускай мове мастацкай, палітычнай, навуковай, вучэбнай і іншай літаратуры, вытворчасць і паказ фільмаў і аўдыявізуальных твораў.


IV. МОВА ІНФАРМАЦЫІ І СУВЯЗІ


Артыкул 29. Мова сродкаў масавай інфармацыі

У Беларускай ССР мовай афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі з'яўляецца беларуская мова.

Мовай афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі могуць таксама быць руская мова і мовы іншых нацыянальнасцей.


Артыкул 30. Мова работы пошты і тэлеграфа

У межах Беларускай ССР паштова-тэлеграфная карэспандэнцыя ад грамадзян, дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, грамадскіх арганізацый прымаецца на беларускай або рускай мове.

Пошта і тэлеграф забяспечваюцца маркамі, канвертамі, паштоўкамі, бланкамі і да т.п., надпісы на якіх выконваюцца на беларускай або рускай мовах і адпавядаюць патрабаванням Сусветнай паштовай канвенцыі.


Артыкул 31. Мова аб'яў і паведамленняў

Тэксты афіцыйных аб'яў, паведамленняў, плакатаў, афіш, рэклам і да т.п. выконваюцца на беларускай мове. Побач з беларускім тэкстам можа быць змешчаны яго пераклад на іншую мову.


Артыкул 32. Мова маркіроўкі тавараў

Маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі аб карыстанні таварамі, зробленымі ў Беларускай ССР, выконваюцца на беларускай мове.

Маркіроўка тавараў на вываз за межы Беларускай ССР выконваецца на беларускай, рускай мове або на мове заказчыка.

Назовы ў таварных знаках даюцца на беларускай мове.


V. МОВА НАЗВАЎ


Артыкул 33. Мова назваў дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый

Афіцыйныя назвы дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый даюцца на беларускай мове. З правага боку (або знізу) гэтыя назвы могуць давацца пры неабходнасці ў перакладзе на рускую або іншую мову.


Артыкул 34. Мова тапонімаў і картаграфічных выданняў

У Беларускай ССР тапонімы (назвы населеных пунктаў, адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вуліц, плошчаў, рэк і да т.п.) даюцца на беларускай мове.

Тапонімы з-за межаў Беларускай ССР даюцца на беларускай мове адпаведна традыцыі, а новыя – у транскрыпцыі з мовы арыгінала.

Картаграфічныя выданні, прызначаныя для карыстання ў Беларускай ССР, рыхтуюцца і друкуюцца на беларускай мове.


Артыкул 35. Мова асабовых імён

Беларускія асабовыя імёны і прозвішчы ўжываюцца адпаведна нацыянальнай іменаслоўнай традыцыі і законам беларускай мовы.

Асабовыя імёны і прозвішчы з іншых моў пішуцца і ўжываюцца на беларускай мове адпаведна правілам перадачы іншамоўных уласных імён.


VI. САДЗЕЙНІЧАННЕ НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНАМУ РАЗВІЦЦЮ БЕЛАРУСАЎ, ЯКІЯ ЖЫВУЦЬ ЗА МЕЖАМІ БЕЛАРУСКАЙ ССР


Артыкул 36. Садзейнічанне нацыянальна-культурнаму развіццю этнічных беларусаў, якія пражываюць за межамі Беларускай ССР

Беларуская ССР на аснове пагадненняў з іншымі саюзнымі рэспублікамі садзейнічае нацыянальна-культурнаму развіццю беларусаў, якія жывуць у гэтых рэспубліках.

Беларуская ССР адпаведна нормам міжнароднага права садзейнічае задавальненню нацыянальна-культурных інтарэсаў асоб беларускага паходжання, якія жывуць у замежных краінах.



Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР М. Дземянцей
Сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Л.Сыраегіна

26 студзеня 1990 года.
г. Мінск





Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР


Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі пастанаўляе:

1. Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб мовах у Беларускай ССР увесці ў дзеянне з 1 верасня 1990 года.

2. Для паступовага ўвядзення палажэнняў Закона ва ўсе сферы грамадскага жыцця ўстанавіць наступныя тэрміны:


  • на працягу трох гадоў з моманту ўступлення Закона ў сілу ўводзяцца ў дзеянне артыкулы 11, 27, 28, 29, 31, 32, 35;


  • на працягу трох – пяці гадоў з моманту ўступлення Закона ў сілу ўводзяцца ў дзеянне артыкулы 4, 7, 12;


  • на працягу пяці гадоў з моманту ўступлення Закона ў сілу ўводзяцца ў дзеянне артыкулы 8, 10, 13, 14, 23;


  • на працягу дзесяці гадоў з моманту ўступлення Закона ў сілу ўводзяцца ў дзеянне артыкулы 15, 16, 17, 18, 19, 20, 22, 24, 25, 26.



3. Даручыць Савету Міністраў Беларускай ССР распрацаваць і да 1 верасня 1990 года прыняць “Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР”.


Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР М. Дземянцей
Сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Л.Сыраегіна

26 студзеня 1990 года.
г. Мінск





Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб дапаўненні артыкула 68 Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай ССР


У мэтах надання беларускай мове статуса дзяржаўнай мовы Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі пастанаўляе:

Дапоўніць артыкул 68 Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай ССР часткамі чацвёртай, пятай і шостай наступнага зместу:


“Дзяржаўнай мовай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з’яўляецца беларуская мова.

Беларуская ССР забяспечвае свабоднае карыстанне рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін народаў Саюза ССР.

Парадак ужывання беларускай, рускай і іншых моў у Беларускай ССР вызначаецца заканадаўствам Беларускай ССР”.


Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР М. Дземянцей
Сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Л.Сыраегіна

26 студзеня 1990 года.
г. Мінск





Рабочая група па падрыхтоўцы праекта Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР

Кіраўнік групы:

  • Гілевіч Ніл Сямёнавіч – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, пісьменнік.


Члены групы:

  • Абрамовіч Аляксандр Міхайлавіч – загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ імя У.І.Леніна.

  • Бірыла Мікалай Васільевіч – акадэмік – сакратар аддзялення грамадскіх навук АН БССР.

  • Вайтовіч Яўген Канстанцінавіч – Міністр культуры БССР.

  • Дзямчук Мікалай Іванавіч – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, Міністр народнай адукацыі БССР.

  • Краўчанка Пётр Кузьміч – сакратар Мінскага гаркома КП Беларусі.

  • Падлужны Аляксандр Іосіфавіч – дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР.

  • Рагойша Вячаслаў Пятровіч – дацэнт кафедры сацыялістычнай культуры Мінскай ВПШ.

  • Садоўскі Пётр Вікенцьевіч – дацэнт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага.

  • Сачанка Барыс Іванавіч – пісьменнік.

  • Смірноў Юрый Пятровіч – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП Беларусі.

  • Яўневіч Міхаіл Станіслававіч – загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага.






Спасылкі:


Пазьнейшыя вэрсіі Закона, па-расейску:


(1 comment)

Comments:


From:cj_by
Date:March 2nd, 2007 10:57 pm (UTC)

Беларуская мова

(Link)
http://blogs.mail.ru/community/sam/ - калі Вы не абыякавы да беларускай мовы, сардэчна запрашаем у нашу суполку!
(Replies frozen)(Thread)

> Go to Top
LiveJournal.com