Luo Biming (miram) wrote,
Luo Biming
miram

43 эпіграмы Марцыяла ў перакладзе Анатоля Клышкі

Полымя, 1980, № 6, сс. 188-193. Нумары эпіграм вылучаныя паўтлустым шрыфтам, хоць у часопісе -- звычайным. Разрадка ў заўвагах перадаецца курсівам. Самі заўвагі перанесеныя пад тыя эпіграмы, да якіх адносяцца, але з захаваньнем нумарацыі. Пагінацыя на пачатку часопісных старонак у фігурных дужках.

{188}

НОВЫЯ ПЕРАКЛАДЫ

МАРК ВАЛЕРЫЙ МАРЦЫЯЛ

ЭПІГРАМЫ

Прапаную ўвазе чытачоў «Полымя» ў маім перакладзе з латыні творы выдатнага рымскага эпіграматыка Марка Валерыя Марцыяла (жыў прыкладна каля 40—100 гг. н. э.), ураджэнца Іспаніі, аўтара захаванай да нашага часу 1561 эпіграмы.

Эпіграма Марцыяла — яскравая старонка ў сусветнай літаратуры. Яна дасціпна, насмешліва схоплівае мнагастайнае рымскае жыццё на пачатку нашай эры ў яго багатых праявах. Вось яны, жывыя постаці тагачаснай рымскай рэчаіснасці,— распусныя жанчыны і мужчыны, багацеі-скнары, дактары-шарлатаны, збіральнікі — падробшчыкі даўніны, вершаробы-пераймальнікі, пафаснікі-героі, хлусы-абяцальшчыкі і г. д. I, вядома ж, у гэтых эпіграмах каларытна паўстае гаротнае, няўдзячнае жыццё кліента, якое грунтоўна зведаў і сам Марцыял: гэтыя абавязковыя ранішнія «вітанні» патронаў, суправаджэнне іх на зборы, заахвочвальныя выкрыкі «брава» ў часе іх прамоў, усялякія паніжэнні, чаканні абедаў, якія часта аказваліся надзвычай скупыя...

Марцыял застаў эпіграму проста кароткім лірычным вершам-надпісам — прысвячальным, надмагільным, застольным. З яго рук эпіграма выйшла такой, якой мы яе ведаем і цяпер — прымавачна трапнай, дасціпнай, здзекліва-сатырычнай.

Большасць эпіграм Марцыяла напісана элегічным двувершам, дзе першы (няцотны) радок даецца ў памеры гекзаметра, другі (цотны) — пентаметра. Лічу патрэбным падаць тут схему ўзноўленага пентаметра з-за вялікай рэдкасці яго ў нас нават у перакладах:

/ – – / – – / / – – / – – /

Звяртаю ўвагу на абавязковыя цэзуру пасярод радка і збег двух націскных складоў, без «чакання» якіх гучанне радка неспрактыкаванаму чытачу можа здацца рытмічна неўпарадкаваным.

Што да лічбавага абазначэння, то рымскаю лічбаю абазначаецца кніга, арабскаю — парадкавы нумар эпіграмы ў кнізе.

Анатоль КЛЫШКА

I. 19.

Элія, помню, зубоў у цябе ацалела чатыры.
         Кашаль адзін выбіў два, кашаль другі — яшчэ два.
Можаш спакойна цяпер кашляць ты цэлымі днямі:
         Трэцяму кашлю з табой болей няма што рабіць.

I. 20.

З глузду ты з'ехаў, ці што, мне скажы? Пры гурме запрашоных
         Ты шампіньёны адзін, Цыцыліян, тут жарэш.
Што ж пажадаць табе вартае гэткага пуза і горла?
         Хіба што з'есці грыбок той, што з'еў Клаўдзій калісь1.

1 Імператар Клаўдзій памёр, з’еўшы грыб, атручаны яго жонкаю Агрыпінаю.

{189}

I. 28.

Той, хто вам скажа: Ацэра ўчарашнім віном патыхае,
         Глупства звярзе, бо да дня глушыць Ацэра віно.

I. 47.

Некалі доктарам быў, а пасля стаў Дыяўл далакопам.
         Робіць цяпер далакоп тое, што доктар рабіў.

II. 80.

Каб уцячы ад чужынцаў, Фаній пакончыў з сабою.
         Ці ж не вар'яцтва, скажу, каб не памерці — ўміраць.

II. 87.

Кажаш: згараюць з кахання ўсе па табе прыгажуні?
         Секст, гэта з тварам тваім, як у плыўца пад вадой?

II. 51.

Часта ў скарбонцы тваёй адзінюткі ўцалее дэнарый,
         Гэткі пацёрты, што, Гіл, ты выглядаеш не горш.
Ды і таго не загорне ні хлебапёк і ні кухар,
         А дастанецца таму, хто разагрэе цябе.
З зайздрасцю бедны трыбух паглядае, як юр банкетуе,
         Век галадуе адзін, шчодра ж марнуе другі.

II. (46).

Як расшываецца ў красках мурожных Сіканская Гібла
         Ў часе кароткай вясны, цешачы ўзяткам пчалу,
Так і ў цябе палыскуюцца розным адзеннем.шчамлёткі,
         Так ад нязлічаных шат куфар ільсніцца ў цябе.
Цэлую трыбу1 адзець ільга ў твае белыя тогі:
         Іх з Апулійскай2 зямлі шле чарада не адна!
Ты ж — хоць бы што — пазіраеш, як сябра твой мерзне зімою
         I як — пракляцце! — мароз цісне за скабы яму.
Добра ж было б, скупяндзя, уварваць лахманоў нейкіх пару,
         Ды — не дрыжы! — не ў цябе, Нэвал, а ў молі твае.

1 Трыба — адміністрацыйная акруга, на якія дзялілася тэрыторыя Рыма.
2 Апулія ў Паўднёвай Італіі славілася найлепшаю воўнаю.


III. 10.

Вызначыў бацька табе, Філамуз, па дзве тысячы ў месяц
         I наказаў выдаваць часткамі грошы — па днях,
Бо тваю роскаш заўжды праганяе назаўтра галеча
         I пры распусце такой трэба штодзённы паёк.
Ды, паміраўшы, табе спадак ён цалкам пакінуў —
         Так бацька твой, Філамуз, спадку пазбавіў цябе.

III. 28.

Дзівішся ты: патыхае смуродам у Марыя з вуха.
         Нестар, твая тут віна: шэпчаш на вуха яму.

III. 55.

Дзе ты ні ступіш, здаецца нам, Касм3 тут прайшоўся,
         I выцякае бруёй з шклянкі ў яго кінамон4.
{190}
Гелія, не выхваляйся замежнай бязглуздаю модай,
         Пахнуць духмяна вось так мог бы, скажу, і мой пёс.

3 Касм — гандляр духмянасцямі.
4 Кінамон — пахкае рэчыва.

III. (49).

Льеш мне веенцкага1 ў чарку, з якой ты нядаўна піў масік2.
         Я лепш хацеў бы пусты келіх панюхаць, чым піць.

1 Веенцкае — благое і мутнае віно з ваколіц Этрускіх Вей.
2 Гара Масік у Кампаніі славілася высакаякасным віном.

III. 61.

Што ні папросіш ты, гэта, па-твойму, «нішто», Цына настырны.
         Цына, як просіш «нішто», дык не адмоўлю ні ў чым.

III. 79.

Што ні пачне, аніяк да канца не даводзіць Серторый.
         З ім і ў каханні, відаць, дзеўцы такая ж бяда.

III. 85.

Хто гэта ўмовіў табе выразаць ноздры каханку?
         Месца ж не тое зусім выбраў, каб помсціць за грэх.
Што ж ты вырэзваў, тупіца? Нічога не страціла жонка:
         Mae, як меў, Дыяфоб цэлым астатняе ўсё.

III. 87.

Кажуць, Хіёна, ты з хлопцамі справы ніякай не мела,
         I цнатлівей за цябе тут анікога няма.
Ды пры купанні, аднак, не тое, што трэба, хаваеш:
         Ты, меўшы сорам, фартух лепш на свой твар перавесь.

IV. 24.

З кім Лікарыда дружыла, усіх, Фабіян, пахавала
         Да аднае: вось бы ёй з жонкай маёй падружыць.

IV. (41).

Што гэта ўзяўся чытаць і ваўнянкай захутваеш шыю?
         Лепш прыдалася б яна, пэўна, для нашых вушэй.

IV. 68.

Сотняй квадрантаў частуеш, а сам дык прысмакі ўплятаеш.
         Ты ці на едкі мяне, Секст, ці на завідкі зваў?

IV. 85.

Мы п'ём са шкла, а ты з муры3 смакуеш, Понцік. Навошта ж?
         Келіх празрысты б ураз іншае выдаў віно.

3 Плавікавы шпат, тут: непразрысты посуд з яго.

V. 45.

Кажаш, што зграбная ты, Баса, кажаш: яшчэ ты дзяўчына...
         Звыкла ты, Баса, казаць тое, чаго ўжо няма.

V. 53.

Што пра Калхійку4 ты, што пра Тыесту5 ўсё пішаш, мой дружа?
         Што, Бас, Ніоба6 табе? I Андрамаха7 нашто?
{191}
Лепей за ўсё для старонак тваіх прыдалася б, павер мне,
         Дэўкаліёна1 вада ці Фаэтонаў2 агонь.

4-7 Героі грэчаскай міфалогіі ці гамераўскага эпасу.
1-2 Героі грэчаскай міфалогіі ці гамераўскага эпасу.

V. 58.

Заўтра збіраешся жыць, Постум, і ўсё паўтараеш: заўтра.
         Гэтае заўтра, скажы, Постум, настане калі?
Дзе яно, заўтра, такое далёкае? Дзе яго ўзяць нам?
         Мабыць, схавана яно ў землях парфян ці армян?
Гэтае заўтра — Прыяму, Нестару3 ўжо аднагодак!
         Ну, дык скажы мне, за што гэтае заўтра купіць?
Жыць будзеш заўтра. Нат сёння жыць позна ўжо, Постум:
         Мудры адзін толькі той, Постум, хто ўчора пажыў.

3 Героі гамераўскага эпасу, тут як сінонім вельмі даўніх гадоў.

V. 79.

Ты адзінаццаць разоў падымаўся, Заіле, з застолля,
         I адзінаццаць разоў ты свае ўборы мяняў,
Каб не збіраўся твой пот у свежым, вільготным адзенні
         I не зашкодзіў свяжак пешчанай скуры тваёй.
Што ж гэта я не пацею, хоць елі з табою, Заіле,
         Пэўна ж, апратка адна дужа халодзіць мяне.

V. 81.

Век будзеш бедны, Эміліян, калі ты ўжо бедны.
         Грошы даюцца ў наш час толькі адным багачам.

VI. 48.

Што грамавіта натоўпы кліентаў крычаць табе «брава»,
         Гэта, Пампоній, не ты — твой красамоўны абед.

VI. 53.

Вымыўся з намі, вясёлы паеў, і — на табе! — ўранні
         Цела халодным знайшлі, калі мёртвы ўжо быў Андрагор.
Што ж за прычына раптоўнае смерці, ты, Фаўстын, пытаеш?
         Гэта ж прысніўся ўначы лекар яму — Гермакрат.

VI. 60 (61).

Хваліць, і любіць, і ўголас чытае Рым мае кнігі,
         Я тут ля кожных грудзей, я тут у кожнай руцэ.
Вунь: чырванее хтось... млее... бялее... зяхае... шалее...
         Так і хацеў я: цяпер верш мой і мне да душы.

VII. 3.

Панціліян, чаму я табе не дару сваіх кніжак?
         Ды каб і ты мне сваіх, Панціліян, не дарыў.

VII. 16.

Hi медзяка ў маім доме. Мне. Рэгул, прадаць астаецца
         Тое, што ты падарыў. Купіш ты можа ў мяне?

VII. 98.

Кастар, купляеш ты ўсё, а час прыйдзе — і ўсё прадасі ты.

VIII. 12.

Браце, чаму не ляжыць маё сэрца да жонкі багатай,
         Ведаеш? Быць не хачу жонкай у жонкі свае.
{192}
Трэба кабеце заўсёды быць, Прыск, у залежнасці ў мужа,
         Бо без таго, я скажу, роўнасці ў шлюбе няма.

VIII. 20.

Хоць і па дзвесце радкоў ты складаеш штодзённа,
         Ды не чытаеш услых. Вар, ты і кеп1 і не кеп.

1 Кеп — дурань.

VIII. 34.

Маеш, казаў, першатворы са срэбра даўнейшага Mica.
         Што ты не сам падрабіў, дык і даўнейшая рэч?

IX. 10 (5).

Хочаш за Прыска пайсці? Паўла, бачу: ты не дурная.
         Прыск жа не хоча цябе? Што ж — дык і ён не дурны.

IX. 46.

Гелій заўсёды будуецца: вось ён змяняе парогі,
         Ладзіць ключы ад дзвярэй, купіць завалу сабе,
Тут папраўляе адно, там другое, то вокны мяняе,
         Толькі б яму будаваць — будзе што хочаш рабіць, —
Каб у любую хвіліну, як сябар спытаецца грошай,
         Мог усё тое ж сказаць Гелій: «Будуюся, брат».

IX. 53.

Квінт, я хацеў табе ў дзень нараджэння паднесці дарунак
         Сціплы. Ды ты супыніў. Ты ўладалюб-чалавек, —
Трэба паслухацца: хай будзе тое, што хочам абодва,
         Што нас усцешыць дваіх: Квінт, лепш ты мне падары.

XII. 94.

Эпас пісаў я; і ты ўжо марнееш над ім: я пакінуў,
         Каб не змагаўся мой верш з тым, што вымучваеш ты.
I на катурны трагічныя Талія2 наша ўсходзіць,
         Тут жа прыладзіў і ты доўгую сірму сабе.
Я дакрануўся да струн ліры, украсы калабрскіх Камэнаў3,
         Ты, неадступны, ізноў плектр4 вырываеш у нас.
Я на сатыру пайшоў, і ты ўжо ў Луцыі5 пнешся.
         Лёгкасць элегій я ўзяў — ты ўжо элегікам стаў.
Што ж тут найменшае выбраць? Пачаў я складаць эпіграмы,
         Дык і табе пераняць хочацца пальму маю.
Што ж ты не любіш, скажы — хапацца за ўсё ці ж не сорам? —
         I што няміла табе, Тука, пакінь для мяне.

2 Талія — муза камедыі.
3 Г. зн. Гарацыя.
4 Плектр — маленькая палачка ці нешта накшталт таго для ігры на струнных інструментах (медыятар).
5 Луцый — рымскі паэт II ст. да н. э., славуты сваімі сатырамі.


XIV. 11. ПАПЕРА НА ПІСЬМЫ

Ці пасылаецца ён мала ці добра знаёмым —
         Гэты аркушык усім звык гаварыць: «Дарагі».

{193}

XIV. 69 (68). РАДОСКІ БІСКВІТ1

Ты не таўчы кулаком вінаватага служку ў зубы:
         Хай ён бісквіту паесць, што пасылае Радос.

1 Радоскі бісквіт вызначаўся асаблівай цвёрдасцю.

XIV. 81. ТОРБА

У жабрака-абарванца не несці б кусанікаў чэрствых,
         З псом шалудзівым не спаць — думачка ў торбы адна.

XIV. 109. КЕЛІХІ, АЗДОБЛЕНЫЯ САМАЦВЕТАМІ

Як зіхаціць гэта золата ў скіфскім агні самацветаў —
         Глянь... Колькі пальцаў зараз келіх такі абабраў.

XIV. 134. СТАНІК

Грудзям-бутонам расці не давай, станік каханай,
         Каб іх злавіць, атуліць мог я сваёю рукой.
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 1 comment